Агляд мастацтва на беларускай мове
Мы зараз дапаўняем змест
Пра SURVIVAL
Агляд мастацтва SURVIVAL з 2003 года адкрывае для публікі месцы, якія звычайна недаступныя для наведвання. Былыя фабрыкі, бальніцы, бункеры і іншыя закінутыя куткі горада на некалькі дзён ператвараюцца ў прастору сучаснага мастацтва. Менавіта спалучэнне адкрыцця забытых месцаў і прэзентацыі сучаснага мастацтва штогод прыцягвае на SURVIVAL тысячы людзей. Адны прыходзяць дзеля выставы, іншыя — каб убачыць частку Уроцлава, з якой раней не былі знаёмыя. Для многіх гэта першае знаёмства з сучасным мастацтвам.
Аднак SURVIVAL — гэта больш, чым проста выстава. Гэта таксама прагулкі, дыскусіі, майстар-класы і сустрэчы ў фестывальным клубе. Важным складнікам SURVIVAL застаецца даступнасць: бясплатны ўваход, зразумелыя апісанні работ і экскурсіі, адаптаваныя да патрэб розных груп наведвальнікаў, забяспечваюць кожнаму камфортнае наведванне фестывалю.
Арганізатаркай SURVIVAL з’яўляецца фонд Art Transparent, які ўжо больш за 20 гадоў уводзіць сучаснае мастацтва ў грамадскую прастору.
Сёлета ў межах Агляду мастацтва SURVIVAL праходзіць выстава пад назвай «Палец у сэрцы», а таксама адкрываецца гадавая выстава «Клініка агульных уяўленняў». Абедзве выставы можна наведаць з 26 па 30 чэрвеня бясплатна і без папярэдняй рэгістрацыі. Калі ж вы хочаце далучыцца да экскурсіі, просім запісацца загадзя.
На гэтай старонцы вы знойдзеце куратарскія апісанні і апісанні работ для выстаў: 24-га Агляду мастацтва SURVIVAL і «Клінікі агульных уяўленняў». Спачатку мы размясцілі апісанні да выстаўкі «Клініка агульных уяўленняў» — гэта апісанні з пазнакай «К» перад нумарам, а затым — да 24-га Агляду мастацтва SURVIVAL — гэта апісанні, пазначаныя толькі нумарамі.
Апісанні работ выстаўкі «Клініка агульных уяўленняў»
K1
Эва Дамбкоўска
Без сцябла
вязанне спіцамі 2 мм, 2025
„Ці варта мучыцца пры зрыванні рамонак для таго, каб звіць з іх вянок? Напэўна не варта іх зразаць, асабліва пры галоўцы. Нічога, толькі высушыць. Лепш было пакінуць, дазволіць ім мацавацца зямлёй, цешыцца сонцам і дажджом».
Эва Дамбкоўска
chill evening, no chill noon [спакойны вечар, неспакойны поўдзень]
вязанне спіцамі 2 мм, 2025
Эва Дамбкоўска стварае працы ў тэхніцы вязання, якая з’яўляецца для яе адначасова сродкам выражэння і формай аўтарэгуляцыі. Як асоба з нейраадрозненнем, яна выкарыстоўвае паўтаральны рытм працы на спіцах для супакаення плыні думак і парадкавання перажыванняў. Працэс творчасці стае такім чынам практыкай клопату пра сябе, а гатовыя аб’екты – запісам гэтай патрэбы.
Вязанне адсылае таксама да свету казак і аповесцяў. Падобна таму, як у гісторыі Г.Х. Андэрсена Дзікія лебедзі, у якой вязанне стае актам клопату, у Дамбкоўскай рукадзелле пераступае ўтылітарную функцыю і змяняе спосаб будавання сэнсаў.
У працы Без сцябла зрэзанаы рамонак пераўтвараецца ў сімвал істоты, якая была ўспрынята як сродак да мэты. Каментар, які суправаджае працу, заахвочвае да рэфлексіі над штодзённымі формамі прысваення і аб’ектывізацыі – як датычна прыроды, так і датычна людзей. Праца нагадвае, што супольнасць не можа і не павінна грунтавацца на карыснасці, але на прызнанні аўтаноміі другога чалавека і павазе да яго патрэб.
Дыптых chill evening і no chill noon быў створаны пасля чытання Чужынца А. Камю. Намаляваныя на тканінах вочы назіраюць за светам у розныя часы дня, а від закрываюць ім каламуці, якія дэфармуюць рэчаіснасць. Дамбкоўская супастаўляе тут два супрацьлеглыя станы – спакой і супакаенне з перагрузкай, выкліканай лішкам раздражняльнікаў. Працы звяртаюць увагу на тое, што спосаб успрымання свету залежыць ад нашых эмоцый, стану цела і індывідуальнага досьведу. Яны заахвочваюць да рэфлексіі над тым, як лёгка мы ацэньваем паводзіны іншых, не заўважаючы ўмоў, якія ўплываюць на іх спосаб перажывання рэчаіснасці.
K2b
Малгажата Мыцэк
Жахлівае адкрыццё
інсталяцыя / кераміка, 2026
Інсталяцыя Малгажаты Мыцэк нагадвае археалагічны стэнд. У інсцэнізаваных раскопах знаходзяцца керамічныя элементы, абпаленыя у тэхнтцы бісквіту; некаторыя з іх былі дадаткова падвергнутыя працэсу ямавага абпалу, які раней практыкаваўся, між іншым, на Падкарпацці, адкуль паходзіць мастачка.
Праца была натхнёная падзеяй у Санаку, дзе ў 1980-я гады XX стагоддзя падчас дэмантажных работ пад адным з дамоў, якія суседнічаюць з гістарычнай царквой, было выяўлена могілкі, а на іх сляды пахаванняў, мэтай якіх было спыніць меркаванага вампіра (вупыра) ў замагільным свеце. Сярод парэшткаў з чэрапамі, аддзеленымі ад тулава, і манетамі ў роце знойдзены былі таксама такія, расклад касцей якіх сведчыць, што яны належалі асобе інтэрсэксуальнай. Даследчыкі мяркуюць, што менавіта ненарматыўныя фізічныя рысы маглі быць прычынай пераследу і ў выніку смерці гэтага чалавека.
Мыцэк, пастаянна шукаючы – найахвотней у невідавочных месцах – квір-сюжэтаў, бярэ на свой варштат гэтыя асаблівыя антывампірскія пахаванні, а таксама звязаныя з імі гісторыі пра вупыразабойчыя практыкі. Выкананыя спецыяльна на выставу керамічныя скульптуры нагадваюць парэшткі асоб, ненарматыўны выгляд якіх мог наклікаць на іх смерць. Сярод іх знаходзяцца талісманы, поўныя таямнічых сімвалаў, і гіпатэтычныя прадметы штодзённага ўжытку. Усё гэта складаецца ў асаблівую форму ўшанавання безымённых сёння людзей, якія з-за сваёй ненарматыўнай існасці былі выціснутыя на сацыяльны маргінес і перажывалі пераслед.
K2b
Малгажата Мыцэк
Жахлівае адкрыццё
інсталяцыя / мазаіка, 2026
Праект Малгажаты Мыцэк дапаўняе яшчэ адзно археалагічнае «адкрыццё». На сценах асобнага пакоя знаходзяцца мазаікі, якія паказваюць гібрыдныя постаці, якія нагадваюць аповесці пра багоў прыроды, дэманаў, дрыяд або сірэн. Гэтыя выявы адсылаюць да пытання міжвідавых адносін, але ставяць таксама пытанне пра тое, дзе праходзіць мяжа паміж тым, што чалавечае, а тым, што жывёльнае. Рэалізацыі здаюцца пры гэтым намекам на пабудову квір аповесці – а нават міфалогіі – замест гатовых перакананняў і культурных кодаў, накіраваных фактычна выключна да адзінак і груп, якія функцыянуюць паводле правілаў прынятага за нарматыўны, патрыярхальнага ладу.
K3
Ёанна Паўлік
Фантом
аб’ект / шкло, 2026
Тытульны «фантом» у працы Ёанны Паўлік з’яўляецца кропкай адпраўлення для разважанняў пра адсутнасць (або свайго роду прысутнасць) пэўных целаў і перажыванняў у шырока зразуметай культуры. У прасторы рэпрэзентацыі – як візуальнай, так і тэарэтычнай – некаторыя формы цялеснасці застаюцца амаль нябачнымі, нягледзячы на тое, што з’яўляюцца часткай рэчаіснасці, у якой мы жывём. Для апісання гэтага стану рэчаў мастачка прапануе выкарыстаць тэрмін «фантомная прысутнасць», які адсылае да таго, што існуе і адчуваецца, але рэдка знаходзіць ясную рэпрэзентацыю ў дамінуючым кірунку культуры.
Фігура фантому дазваляе таксама падумаць пра цела з інваліднасцю як асаблівы пункт напружання, які разрывае дзеючыя каноны выяўлення. Замест таго каб замацоўваць простую апазіцыю паміж целам «здольным» і «нездольным», «ідэальным» і «знявечаным», Паўлік прапануе расхістаць гэтыя падзелы і паказаць цялеснасць як перажыванне больш складанае, неадназначнае і такое, што не паддаецца простым катэгорыям. Гэты прыём з’яўляецца вынікам асабістай гісторыі мастачкі, якая страціла нагу ва ўзросце 10 гадоў і з таго часу перажывае фантомныя адчуванні – рэальную прысутнасць, на ўзроўні цела і пачуццяў, канечнасці, якой ужо няма. Яна жыве такім чынам з фантомам – чымсьці падвешаным паміж прысутнасцю і адсутнасцю. Адсюль рашэнне працаваць са шклом, якое найбольш поўна перадае крохкасць, празрыстасць і адначасовую матэрыяльнасць адчування чагосьці, што існуе і не існуе адначасова.
K4
Караліна Бальцэр
Стыгма, з цыкла “happy family project” [праект шчаслівая сям’я] (2021–2024)
інсталяцыя, 2021
Стыгма паўстала з натхнення фарматам групавых тэрапеўтычных сустрэч. Крэслы, расстаўленыя ў крузе, ствараюць прастору, якая асацыюецца з размовай, падтрымкай і супольнасцю. Аднак на сядзеннях з’яўляюцца паняткі, якія функцыянуюць у штодзённай мове як абразлівыя ярлыкі асоб, якія перажываюць псіхічныя крызісы, залежнасці ці сацыяльнае выключэнне з іншых прычын.
Праца звяртае ўвагу на ролю мовы ў працэсе стыгматызацыі. Паўтаральныя паняткі не толькі апісваюць, але і фармуюць сацыяльныя ўяўленні пра іншых, рэдукуючы складанасць чалавечага досьведу да адной рысы або дыягназу.
Інсталяцыя супастаўляе галіну тэрапіі, мэтай якой з’яўляецца пабудова разумення і пачуцця бяспекі, з мовай выключэння, прысутнай у штодзённых адносінах і публічнай дыскусіі.
Дадаткова Стыгма з’яўляецца часткай „Happy family” [шчаслівая сям’я] – праекта, рэалізаванага мастачкай у 2021–2024 гадах, які закранае пытанні псіхічнага здароўя, змяшчаючы іх у сямейны кантэкст.
K5
Куба Стэмпень
It Reflects Anyway… [Яно ўсё роўна адлюстроўвае…]
відэа, 8’40”, 2026
У відэапрацы Кубы Стэмпеня група транс-жанчын разбівае сцяну з люстэркаў, размешчаную – што не бяз значэння – у былой навучальнай зале.
Люстэрка як культурны матыў рэпрэзентуе перш за ўсё кодэкс глядзення – вызначае тое, што ў патрыярхаце належыць полу, які разумеецца бінарна. Яно не толькі адлюстроўвае выяву, але і глядзіць (вачыма грамадства), партыкулярна вызначаючы каштоўнасць адзінкі (перш за ўсё ў дачыненні да «жаноцкасці») і дэ факта устанаўліваючы тое, што ў межах прынятага ўяўлення (пра) пол наогул з’яўляецца магчымым. Магчыма, адсюль бярэцца папярэджанне, што разбітае люстэрка азначае сем гадоў няшчасця… або што яно з’яўляецца своеасаблівым парталам, праз які пасля разбіцця паверхні выпаўзаюць пачвары. У такім падыходзе ўяўленыя патрыярхатам «пачвары» былі б проста іншымі магчымасцямі і больш плыўнымі існасцямі, а разбітае люстэрка – спробай уявіць свет па-за абмяжоўваючымі нормамі.
Жэст кідання і знішчэння з’яўляецца тут паказам сілы і гневу (якія ў сваю чаргу з’яўляюцца вынікам перажыванняў, звязаных з гвалтам, адхіленнем і неабходнасцю бесперапыннай абароны ўласнага месца ў навакольным нас свеце). Ён стае маніфестам. Але таксама з’яўляецца тым, што «у кожным акце экспрэсіі застаецца невыражаным»[1], а што спалучае ў сабе рызыку, супраціў, вопыт крыўды і, нарэшце, параненне. Усё тое, што так значна і адначасова так невыказна рэзаніруе ў напружанні паміж самаабаронай і самапашкоджаннем.
K6
Анастасія Рыдлеўская
Дэзінтэграцыя
тэкстыльныя аб’екты, гук, 2026
Назва працы адсылае да тэорыі пазітыўнай дэзінтэграцыі, сфармуляванай польскім псіхолагам Казімежам Дамброўскім. Згодна з ёй, крызіс, то-бок распад вобраза сябе, ці страта пачуцця стабільнасці не абавязкова азначаюць паразу або паталогію, але могуць быць неабходнымі этапамі развіцця. Чалавек распадаецца для таго, каб наноў скласці сваю існасць у больш шматвымерную і аўтэнтычную форму.
Інсталяцыя Анастасіі Рыдлеўскай складаецца з каскадаў тэкстыльных галоў, пашытых з натуральных матэрыялаў і фрагментаў адзення, прывезеных з Беларусі і набытых ужо пасля эміграцыі мастачкі ў Польшчу. Звісаючыя з столі аб’екты нагадваюць разрозненую постаць, якая страціла цэласнасць і існуе адначасова ў многіх фрагментах. У навушніках гучыць напісаны і рэцытаваны мастачкай верш. Рыдлеўская на працягу некалькіх гадоў жыве ў Польшчы, да таго ж вольна валодае некалькімі мовамі, але яе беларускі акцэнт застаецца лёгка пазнавальным.
Аўтарка звяртае ўвагу на досьвед фрагментацыі існасці, які часта суправаджае асоб з міграцыйным досьведам. Замест таго каб быць успрынятай як складаная і поўная асоба, Рыдлеўская стае перш за ўсё «мігранткай» – падобна таму, як чалавек з псіхіятрычным дыягназам бывае зрэдукаваны да хваробы, на якую пакутуе. У першым кантакце ўвага сустрэтых «карэнных» асоб засяроджваецца не на тым, кім з’яўляецца мастачка, а на разрозненых элементах – на тым, адкуль яна паходзіць, як гучыць яе акцэнт, чаму яна прыбыла ў Польшчу ці які мае афіцыйны статус.
Шаптаны тэкст раскрывае тое, чаго не відаць на першы погляд – індывідуальную гісторыю, эмоцыі і перажыванні, якія не паддаюцца простым катэгорыям. Дэзінтэграцыя распавядае такім чынам не пра распад як канец, але пра працяглы працэс перамоваў уласнай існасці паміж мовамі, месцамі і сацыяльнымі ўяўленнямі пра тое, кім з’яўляецца другі чалавек.
K7
Іза Руткоўска
Лятаючы дыван
аб’ект, 2026
Праект Ізы Руткоўскай[2] адсылае да архетыпа лятаючага дывана з Казак тысячы і адной ночы – сімвала падарожжа, мары, свабоды і пераступання межаў. Мастачка пераўтварае гэтую метафару ў аповесць пра сучасныя патокі людзей, адходы, забабоны і адказнасць. Яе «лятаючы дыван» не з’яўляецца такім чынам магічным прадметам, які пераносіць герояў у свет фантазіі, але манументальным выратавальным колам, пашытым з тэкстыльных адходаў – выкінутых грамадствамі развітых краін адзенняў, якое масава экспартуецца ў Гану.
Праца Руткоўскай нарадзілася з пратэсту супраць стэрэатыпнага ўяўлення Афрыкі, якое замацоўваецца ў еўрапейскай думцы, такім чынам з нязгоды на нарацыю, якая зводзіць жыхароў гэтага кантынента да ролі пасіўных ахвяр беднасці і голаду. Аўтарка паказвае тут Гану як месца творчага супраціву, інавацый і нізавых рамонтных практык. Героямі праекта стаюць дызайнеры, мастакі, актывісты і спецыялісты па рэцыклінгу і апсайклінгу, якія змагаюцца з наступствамі глабальнай звышвытворчасці адзення.
Такім чынам Лятаючы дыван ставіць пытанні пра этычны вымер гуманітарнай дапамогі і схаваныя механізмы эканамічнага і расавага гвалту. Хаця ён канцэнтруецца на наступствах, якія fast fashion выклікае ў Гане, яго вымер – праз адсылку да тэмы глабальных сетак залежнасці – застаецца ўніверсальным. У тым жа часме адсылка да арабскай казкі дадаткова адкрывае кантэкст шматкультурнасці і суіснавання розных традыцый, рэлігій і існасцей – ад Афрыкі, праз Блізкі Усход і Палестыну, да Еўропы.
[1] Paweł Mościcki, Głos i gest. Agamben o byciu w języku, [w:] Agamben. Przewodnik Krytyki Politycznej, red. zespół Krytyki Politycznej, Warszawa 2010, s. 258.
[2] Інсталяцыя была створана ў супрацоўніцтве з асобамі, звязанымі з Kokrobitey Institute у Гане, а таксама творцамі і актывістамі, якія дзейнічаюць вакол рынку Kantamanto і рэцыклінгавых прастор Аккры, між іншым з калектывам The Revival, Davidem Doncorem, Äbdulem Räzakiem i Tide Turners. Матэрыялы, выкарыстаныя для стварэння аб’екта, былі сабраны на пляжах Аккры, дзе акіян выкідае тэкстыльныя адходы; выкуплены ў гандляроў з Kantamanto – аднаго з найбуйнейшых рынкаў ужыванай вопраткі ў свеце; а таксама атрыманы са сметнішчаў і прастор перапрацоўкі адходаў. Відэа, якое суправаджае інсталяцыю, дакументуе працэс сумеснага стварэння аб’екта і паказвае сілуэты суаўтараў праекта. Камера вядзе гледача па пляжах, засыпаных тэкстылем, сметніках, рынку Kantamanto і дзейнасці Kokrobitey Institute – месцы, дзе рэцыклінг стае не толькі стратэгіяй выжывання, але і мовай мастацтва, адукацыі і сацыяльнай змены. Аўтарскія асобы відэа: Іза Руткоўска, Міхал Кавецкі і Ежы Панятоўскі.
K8
Агнешка Вольна-Хамкала
Казка пра Банкі
радыёспектакль, 2026
Пунктам адліку для радыёспектаклю Агнешкі Вольна-Хамкала з’яўляецца казка Г.Х. Андэрсена Дзікія лебедзі. Аповед дацкага пісьменніка грунтуецца на архетыпах, якія палягчаюць разуменне свету прадстаўленага, але адначасова замацоўваюць стэрэатыпныя ўяўленні пра розных асоб – а гэтыя, у сваю чаргу, пераносяцца потым у штодзённае жыццё. На пярэднім плане Дзікіх лебедзяў выступае супрацьпастаўленне старэйшай жанчыны – мачахі, паказанай як крыніца пагрозы і зла, і маладых герояў, якія ўвасабляюць дабро, нявіннасць і чысціню.
У Казцы пра Банкі аўтарка паднімае тэму адносін паміж маладымі і старэйшымі людзьмі, адыходзячы ад адназначных стэрэатыпаў, характэрных для класічнай казкі. Гераінь і герояў мы пазнаём праз іх патрэбы, атрыбуты і ўчынкі. Малыя шукаюць свабоды, забавы і кантакту з равеснікамі, у той час як старэйшая жанчына імкнецца да спакою і кантролю над сваім асяроддзем. Канфлікт узнікае з сутыкнення розных патрэбаў і чаканняў датычна адной і той жа прасторы.
Спачатку мы ўспрымаем Бабу вачыма маладых герояў – як асобу, якая бесперапынна назірае, кантралюе і перашкаджае ім карыстацца агульнай прасторай. Аднак з развіццём гісторыі гэты вобраз падвяргаецца сумневу. Мы заўважаем адзіноту і штодзённасць старэйшай жанчыны. Канфлікт перастае быць сутыкненнем дабра са злом, а стае аповедам пра сутыкненне розных патрэб і пра тое, як адсутнасць увагі адзін да аднаго і разумення вядзе да міжпакаленневага канфлікту.
Істотным элементам рэінтэрпрэтацыі з’яўляецца таксама постаць дзяўчынкі, якая ў Вольна-Хамкала надае ход гісторыі. Менавіта гэтая постаць прымае вырашэнні, ініцыюе дзеянні і знаходзіць спосаб зняць чары. Яе знешнасць не вызначае пры гэтым маральнасці ані каштоўнасці – мы пазнаём яе перш за ўсё дзякуючы ўчынкам дзяўчынкі.
у ролях: Хелена Суецка, Кацпер Сасін
гукавое афармленне: Мацей Хэнель-Цэліс
Апісанні работ выстаўкі 24-га Агляду мастацтва SURVIVAL
-
Ёанна Вяжбіцка, Валенціна Ваніні
To Lure, to Hunt, to Catch
скульптуры, аб’екты
2026
To Lure, to Hunt, to Catch – гэта сумесны праект Валенціна Ваніні і Ёанны Вяжбіцкай, які даследуе тэматыку ўлады, спакушэння і экспанавання цела. Чэрпаючы натхненне з не-чалавечай анатоміі і гістарычных элементаў адзення, аўтарскія асобы даследуюць, якім чынам целы выражаюць дамінаванне, чуласць ці пажаданне, а таксама як формы, першапачаткова ўтылітарныя, эвалюцыянуюць у бок перабольшання і лішку.
Працы Вяжбіцкай засяроджваюцца на матыве хваста як падаўжэнні цела, дзякуючы чаму яны прыклікаюць постаць паўчалавека, паўжывёлы. Змешчаны ззаду цела хвост звяртае ўвагу на вобласці, якія асацыююцца з інстынктам, дзікасцю і ірацыянальным паводзінамі. Мастачка, такім чынам, супрацьстаўляецца звыклым цялесным катэгорыям, перавызначаючы тое, што ў межах культуры мы прынялі за ганебнае.
У сваю чаргу, скульптуры Ваніні праблематызуюць з’яву так званай гіпермаскуліннасці, дазваляючы адначасова выявіцца схаванай пад ёй крохкасці. Дзякуючы чэрпанню, між іншым, з візуальнай мовы гей-культуры, гэтыя працы падкрэсліваюць эратычны зарад адзення.
Калектыўны праект паказвае цела як кропку фокусу ўлады, кантролю і перакананняў. У той час як медыцынскія і навуковыя практыкі гістарычна імкнуліся да вызначэння мер, пранікнення і рэгулявання цела ў імя ведаў і прагрэсу, To Lure, to Hunt, to Catch звяртаецца да цялеснага досьведу, інстынкту і спробаў іх візуалізацыі; паказвае, якім чынам улада і пажаданне ўкаранёныя ў матэрыяльных формах і гісторыі культуры.
-
Павел Блэнцкі
Вазьмі сябе ў рукі
інсталяцыя
2025/2026
Назва працы адсылае да трывіялізацыі сігналаў, якія падаюцца асобамі, якія перажываюць крызіс псіхічнай хваробы. Гэтую фразу можна пачуць у родным доме, у школе, на працы. У многіх выпадках яна перанакіроўвае ўвагу людзей у крызісе псіхічнай хваробы з лячэння на спробы парадзіць самастойна.
Пытанні псіхічнага здароўя ў многіх сацыяльных групах надаль з’яўляюцца тэмай табу. Найбуйнейшай з такіх груп з’яўляюцца мужчыны, якія складаюць пераважную большасць асоб, накіраваных на лячэнне ў псіхіятрычныя бальніцы, а таксама тых, хто здзяйсняе спробы самагубства. З дзяцінства выхаваныя на “вырашэнні праблем” і хуткім “ўзяцці сябе ў рукі”, яны сорамяцца звяртацца па дапамогу. Паўсюднае культываванне мадэлі таксічнай мужнасці, пабудаванай на сіле і агрэсіі, з’яўляецца тормазам неабходных змен у галіне клопату пра дабрабыт як уласны, так і ўсяго грамадства, што перакладаецца на агульны стан рэчаў сем’яў, супольнасцяў, дзяржаў, прыроды, экасістэм і нават палітычных і дзяржаўных сістэм.
Мастак, абапіраючыся на асабісты досьвед, стварае інсталяцыю, з дапамогай якой маніфестуе патрэбу адыходу ад архетыпу “мужчыны-камення”, які не выяўляе эмоцый і самастойна радзіць з праблемамі. Дэтаксікацыю такіх паводзін, адыход ад гвалтоўнай мадэлі непахіснага мужчыны і паказ іншых мадэляў пабудовы сацыяльнай кансалідацыі Павел Блэнцкі ўспрымае як дзеянні, якія могуць прынесці пазітыўныя сацыяльныя змены.
Неад’емнай часткай інсталяцыі з’яўляецца дошка з кантактамі да месцаў, у якіх асобы ў крызісе псіхічнай хваробы, а таксама іх сем’і могуць знайсці падтрымку і дапамогу. Выходзячы з залы, сфатаграфуй дошку і захавай здымак у тэлефоне.
-
Юстына Касіньска
Мембраны
аб’екты
2026
Мембраны паказваюць вівісекцыю працэсу нейрадэгенерацыі. У мурах былой клінікі, у якой пацыент быў выпадкам, а пакута – дадзенай статыстычнай, мастачка мапуе тры клінічныя выпадкі блізкіх ёй асоб: сваёй маці з дэменцыяй у аб’екце Мембрана і бабулі Гелены з хваробай Альцгеймера, але таксама сябе самой, прадстаўленай праз працу Вузлы. Аўтарка аб’ектаў пакуль што здаровая, але яе датычыцца перадача генетычнага абцяжарання. Можа быць, яна толькі дакументуе прагрэс хваробы мамы і бабулі, а можа, будзе наступнай асобай у чарзе на клінічную чэрню… Юстына Касіньска носіць у сабе страх і гісторыю двух пакаленняў, чыё жыццё на яе вачах змянялася ў чыстую абстракцыю.
У свеце навукі інтымная сямейная сувязь з’яўляецца толькі біялагічнай аварыяй. Мастачка паказвае такім чынам не толькі эрозію ідэнтычнасці, але і бяссілле навукі перад нашымі блізкімі. Сам працэс вышывання – гэта супрацьлегласць дэменцыі. Хвароба руйнуе структуру, якую Касіньска аднаўляе з дапамогай іголкі. Яна вышывае чорную мембрану, бо сучасная навука часта апісвае Альцгеймера як «хваробу мембран». Яна заклінае чарнату, таямніцы нейронаў і змрок забыцця. У круглым кшталце прац яна бачыць найдасканальшы сімвал цыклу жыцця.
Толькі яе ўласны аб’ект з’яўляецца водбліскавым, каб захапіць момант адлюстравання святла: кароткі ўспых яркасці ў шчыльным змроку пакаленневай страты. Рэха таго, як пацыенты з дэменцыяй і Альцгеймерам перажываюць моманты яснасці ў дэзарыентацыі. Вузлы – гэта яе пункт супраціву, маніфестацыя выжывання – рэшта памяці. У навуцы вузел – гэта памылка ў гладкай паслядоўнасці. Аўтарка аднак ставіцца да яго як да сучаснага адпаведніка амулета, які абараняе ад зла.
Праца Маці з’яўляецца натомест спробай суцяшэння. Яна вядзе нас, назірае і вучыць прымаць тое, што непазбежнае.
-
Міхал Класік
Бяссонне-Абуджэнне
кінетычны аб’ект
2025
Дыван, створаны з ужываных коўдраў, які пастаянна намотваецца на металічны стрыжань і размотваецца назад, рухаецца бязвольна, строга скадыфікавана – рух паўтараецца быццам да межаў знямогі, якая аднак ніколі не настае. Аб’ект дзейнічае як кінастужка, з якой праецыраваныя выявы ў роўным тэмпе, адна за адной, вяртаюцца на шпульку толькі для таго, каб быць праецыраванымі зноў у знаёмым, усталяваным парадку. У гэтым спектаклі слаёў “атуленне” паслядоўна прыбывае і ўбывае, чаму спадарожнічае ціхі, механічны гук.
Выкарыстанне банальнага прадмета, якім з’яўляецца коўдра, што асацыюецца з адпачынкам (або ў кантэксце шпіталя з хваробай) і з жорсткім і паўтаральным рытмам дзень-ноч, накіроўвае нашу ўвагу да штодзённасці, за якой аўтар працы назірае з фенаменалагічным разважаннем. Гаворка ідзе пра штодзённасць, у якой жывеш пад дыктоўку прынятых (як гэта адбылося?) рытуалаў і аўтаматызмаў; калі кожная дзея канатуе “правільныя” позы, жэсты і, нарэшце, паслядоўнасці рухаў, быццам аддзеленыя ад таго, што мы хацелі б назваць свядомасцю – унутранай, цалкам абуджанай і якая дазваляе прымаць суверэнныя вырашэнні як аснову. Гэта бачаны невыразна сьвет, у якім контуры сцерліся.
Бяссонне-Абуджэнне з’яўляецца спробай паказаць своеасаблівы стан прысутнасці-адсутнасці, адначасовага знаходжання ў рэчаісным сьвеце і на яго ўскраінах, бязволля, механічнага функцыянавання, быцця ў пэўнай ступені кіраваным – быццам усё гэта (нам?) сніцца.
-
Тэа Тамашэвіч
Цюльпаны
інсталяцыя
2026
Што застае пасля начных перажыванняў, калі бяспечная прастора знікае на світанні? Шкляныя кветкі адначасова прыгожыя і небяспечныя – як адносіны і механізмы, якія падтрымліваюць супольнасць, але патрабуюць клопату і пільнасці.
Інсталяцыя створана з разбітага шкла, сабранага мастачкай падчас працы ў начным гей-клубе – месцы супольнасці, прытулку і інтэнсіўнага быцця разам. Шкло тут з’яўляецца носьбітам памяці: яно запісвае радасць і блізкасць, запітыя смуткі, стомленасць і патрэбу рэгулявання эмоцый. Клуб паўстае як прастора неабходная і жывая, а адначасова крохкая і часовая. У гэтай крохкасці выяўляюцца пагрозы, такія як эмацыйная перагрузка ці рызыка залежнасцяў, якія вынікаюць не з самога існавання такіх месцаў, а з сацыяльных умоваў, у якіх часта функцыянуюць квір-асобы.
Кветкі з дэструктаў становяцца матэрыяльнымі рэліктамі памежных перажыванняў, знаходзячыхся паміж клопатам і гвалтам. Іх прэзентацыя ў былым псіхіятрычным шпіталі нагадвае пра той факт, што адменная сексуальнасць і небінарнасць гістарычна разглядаліся як хваробы. У спалучэнні з дыскрымінацыяй гэта стварыла патрэбу ва ўцёках і адпачынку ад раздражняльнікаў, часта менавіта пад покрывам ночы.
Дваістую прыроду прытулку падкрэслівае назва інсталяцыі, якая адсылае да народнага азначэння разбітай бутэлькі як вулічнай зброі [у польскай мове менавіта цюліпанамі называюць так званыя “ружы”, то-бок разьбітыя бутэлькі]. Прыгожая назва хавае ў сабе амбівалентнасць – падобна да прастор і практык, якія адначасова абараняюць і падвяргаюць раненню.
-
Павел Францішак Яскула
Памяць/Партрэт Зофіі Яскулы
карціна
2026
Асоба на карціне гэта Зофія Яскула, бабуля аўтара, нябожчыца, якая была ўвасоблена падчас хваробы Альцгеймера. Яна сядзіць у замкнёнай хатняй прасторы, з целам, якое правалілася ў фатэль, з рукамі, складзенымі ў жэсце абароны або дыстанцыявання. Яе позірк знаходзіцца дзесьці побач, быццам накіроўваецца да памяці, якая ўжо недаступная ні жанчыне, ні іншым. Карціна не дакументуе хваробу ў медыцынскім сэнсе, але яе экзістэнцыяльнае вымярэнне – паступовы сыход асобы з уласнага жыцця пры адначасовым біялагічным існаванні цела. Гэтае цела стае контрапунктам для міфа навуковай усемагутнасці. Яго сэрца б’ецца, але памяць – якая прызнаецца культурай за фундамент ідэнтычнасці – падвяргаецца распаду, выслізгваючы з-пад кантролю розуму, дыягностыкі і тэрапіі.
Карціна канфрантуе халодную мову прагрэсу з інтымным досьведам бяссілля перад тым, што незваротнае. Мастацкае засяроджанне на штодзённасці, дробных прадметах і інтэр’еры часоў ПНР [Польскай Народнай Рэспублікі] падкрэслівае банальнасць сітуацыі, у якой разыгрываецца драма знікнення. Гэта не клініка і не лабараторыя, а прыватная прастора стае мяжой паміж ведамі і таямніцай.
Праца з’яўляецца асабістай рэліквіяй памяці, адначасова крытычным каментаром да іерархіі ведаў, якая ўзурпуе сабе права на тлумачэнне і выпраўленне свету. У целе хворай жанчыны сустракаюцца інтымная гісторыя і гісторыя навукі – абедзве азначаныя стратай, заняпадам і немагчымасцю поўнага пазнання.
-
Ягода Дабецка
Камфорт гэта
аб’ект
2023/2026
Праца адсылае да пытання ўспамінаў, звязаных з ежай як формы канструктыўнай памяці, заснаванай на фрагментах, скажэннях і рэканструкцыях, якая функцыянуе па-за фактаграфічным парадкам. Яна з’яўляецца вынікам праекта, рэалізаванага мастачкай з пацыентамі і пацыенткамі Апякунча-Лячэбнага Аддзялення Клінічнай Псіхіятрычага Шпіталя ў Рыбніку, якія перажываюць дэменцыю. Яго аснову складалі воркшопы, сканцэнтраваныя на размовах пра ежу як носьбіт памяці і на сумесным прыгатаванні страваў, якія асацыююцца з пачуццём бяспекі. Вынікам гэтага працэсу стала невялікая кулінарная кніга, якая змяшчае рэцэпты і ўспаміны ўдзельнікаў праекта, запісаныя інтуітыўна і часта на грунце фрагментарнай памяці.
Падоўжаны абрус на стале развівае гэты праект, выконваючы функцыю носьбіта тэкстаў, абраных з вышэйзгаданай кулінарнай кнігі. Надрукаваныя і вышытыя на тканіне тэксты сутвараюць аб’ект, які адсылае да хатніх рытуалаў, звязаных з ежай. У кантэксце месца яго прэзентацыі ён адсылае да наватарскіх даследаванняў Алоіза Альцгеймера над знікненнем памяці. Такім чынам, ён дакументуе спосабы на мяжы медыцыны, якімі людзі з дэменцыяй ствараюць і захоўваюць успаміны – не заўсёды дакладныя, але важныя эмацыйна.
Працу дапаўняе сшытак, прызначаны для запісу наведвальнікамі выставы ўласных рэцэптаў, якія адсылаюць да асабістых перажыванняў памяці, звязанай з ежай.
-
Марта Шульц
Культура цела, частка I (III, VI, VII, VIII, IX, X, XI)
акварэль на паперы
2021
Жывапісныя калажы Марты Шульц “чвартуюць” целы, спрабуючы відавочна паказаць глыбока ўкаранёны ў заходняй культуры – а які паходзіць ад картэзіянскага дуалізму XVII стагоддзя і які ўзнік як рэакцыя на яго аказіяналізму Гейлінкса – раскол паміж тым, што фізічнае, і тым, што эмацыйнае і духоўнае. На штодзённым, адчувальным узроўні рэшткавай астачай пасля гэтага падзелу стае сфера неўсвядомленых эмоцый, якія выражаюцца ў працэсе псіхасаматызацыі, напрыклад, праз з’яўленне раптоўна паскоранага пульсу, пачуцця бязволля або болю з незразумелай прычыны.
“Не магу дакрануцца да сябе, пазбаўленая ног і рук” – іранізуе мастачка, паказваючы культурнае цела як нямое і невыслуханае, то-бок такое, што не мае доступу да ўласнага адчування. Рассечаныя выявы ў калажах – прадзюраўленыя, парэзаныя, якія пранікаюць адно ў адно з іншымі целамі – гэта сімвалы перажытых і толькі здаецца выцесненых траўмаў. Тэатральнасць паказаных жэстаў і поз робіць кампазіцыі быццам пазбаўленымі пакуты. “Танцуючыя” постаці застаюць неўсвядомленымі свайго болю, страт і ўцягненняў.
-
Барбара Грыка
Брудная кроў
відэа, 18’36”
2024
Відэа – якое выкарыстоўвае анімацыю, выявы штучнага інтэлекту і інтэрнэт-матэрыялы – набывае форму постінтэрнэтнай аперэткі, у якой дыялогі перарастаюць у паэтычныя спевы. Гэта аповед пра нафту як асноўную энергетычную сыравіну сучаснага свету і яе неадназначную ролю ў гісторыі цывілізацыі. Нафта – тытульная «кроў» – рухае глабальную эканоміку, адначасова спрыяючы дэградацыі навакольнага асяроддзя, геапалітычным канфліктам і кліматычнаму крызісу. Яна з’яўляецца крыніцай энергіі і жыцця, але адначасова і смерці. Нясе заражэнне прыроды і выклікае войны. Гэта чорнае золата сучаснасці, якое здабываецца з глыбінь зямлі і стала фундаментам прагрэсу і адначасова яго пракляццем.
Галоўнай гераіняй аповеду з’яўляецца сама нафта, якая цыркулюе ў жылах антрапацэнтрычнага свету і мае велізарны ўплыў на палітычную, эканамічную і экалагічную рэальнасць. Наступным героем нарацыі з’яўляецца яе бацька – Ігнацы Лукасевіч, які ў 1853 г. першым выдэстыляваў з нафты паліва ў аптэцы «Пад Залатой Зоркай» у Львове. Гістарычная постаць набывае тут міфалагічнае вымярэнне – Лукасевіч стае Праметэем, які прыносіць людзям агонь прагрэсу, бо верыць у карысныя наступствы яго выкарыстання. Аднак ідэалы мужчыны сутыкаюцца з рэчаіснасцю і не заўсёды чыстымі намерамі. У нарацыі з’яўляецца таксама Зеўс –увасабленне ўлады і прагнасці – які прымярае вобраз сімвала багацця: Ракфелера.
-
Іза Качаноўская
The Tunnels Do Not Echo
мультымедыйная інсталяцыя, скульптура, відэа, 5’11”
2024
Першапачаткова рэалізаваная ў Грэцыі інсталяцыя The Tunnels Do Not Echo [У тунэлях няма рэха] прыводзіць прастору жалобы і аздараўлення, рэканструюючы матывы старажытнага міфа пра Асклепія [Эскулапа] ў рэчаіснасці, сфармаванай здабычай сыравіны і экалагічнымі хваробамі. Кропкай адпраўлення тут стае пост-экстракцыйны ландшафт вострава Мілас – месца вычэрпання рэсурсаў, у якім былыя шахты пераўтвараюцца ў спекулятыўныя цэнтры лячэння сласталгіі, то-бок неспакою, выкліканага дэградацыяй навакольнага асяроддзя.
Галоўным элементам інсталяцыі з’яўляецца свердзел – аб’ект, які сімвалізуе гвалт здабычы, але таксама магчымасць кантакту з тым, што схавана пад паверхняй Зямлі. Вобразы працы, пылу і геалагічных слядоў пераплятаюцца з нарацыяй пра будучыню пасля вычэрпання рэсурсаў. Мінералы стаюць носьбітамі памяці і ведаў – яны вядуць квазі-тэрапеўтычны дыялог, у якім мяжа паміж лячэннем, рытуалам і інфармацыяй сціраецца.
Інсталяцыя стварае спекулятыўную прастору паміж свяцілішчам, санаторыям і шахтай, у якой мы ставім пытанні пра магчымасць аздараўлення ў эпоху экалагічнага распаду.
-
Малгажата Гуроўска, Ёанна Рушчык
Палец у вока
інсталяцыя
2026
Інсталяцыя з’яўляецца данінай памяці жывёлам, якія падвяргаюцца даследаванням і тэстам – заняволеным, паддаваных болю, дыскамфорту і смерці у навуковых і медыцынскіх лабараторыях. Адначасова, тыкаючы пальцам, яна робіць бачным гвалт адносна іншых відаў, наша дамінаванне над імі і іх аб’ектывізуе дзеля нашага, чалавечага камфорту.
У краінах Еўрапейскага Саюза для даследаванняў і тэстаў штогод выкарыстоўваецца каля 9 млн жывёл. Найбольш з іх – гэта мышы (5 707 471) і пацукі (1 146 299), але сярод іх ёсць таксама сабакі (13 688), яванскія макакі (7227), коні, свінні, авечкі і куры. Больш за мільён з гэтых істот падпадаюць пад жорсткія даследаванні або тэсты.
Развіццё навукі і медыцыны шмат чым абавязана тэстам на жывых арганізмах, якія, нягледзячы на велізарны развіццё тэхналогій, дагэтуль выкарыстоўваюцца для гэтай мэты, хоць мадэлі жывёл вельмі далёкія ад чалавечых. Адным з прыкладаў з’яўляюцца тэсты лекаў. Дзякуючы жывёлам удаецца прадбачыць толькі да 25% непажаданых рэакцый і пабочных эфектаў. Гэтыя істоты з’яўляюцца, такім чынам, бессэнсоўнымі ахвярамі навукі. Ацэнка страт і карысці, а таксама ўраўнаважванне інтарэсаў людзей і жывёл ці так званы прынцып 3R – Replacement, Reduction and Refinement (замена, абмежаванне і ўдасканаленне), уведзены законам аб ахове жывёл, якія выкарыстоўваюцца ў навуковых або адукацыйных мэтах, на практыцы аднак з’яўляецца толькі тэорыяй.
Гаворачы пра бяскарнасць навукі, нельга таксама прапускаць псіхічныя і фізічныя пакуты, а таксама смерць мільёнаў жывёл, якіх мы не бачым. Часткай інсталяцыі з’яўляецца таму размова з адным з чальцоў Нацыянальнага Камітэта па Этыцы, які стаіць на варце даследаванняў на жывёлах. Праекту спадарожнічае таксама супрацоўніцтва з фондам Lab Rescue, які займаецца выратаваннем лабараторных жывёл і накіраваннем іх на “усынаўленне”.
-
Караліна Шыманоўская
Інспекцыя
скульптура
2026
Падвешанае пад столлем механічнае вока назірае за ўсім памяшканнем; яго позірк снуе па сценах і падлозе, высочваючы сілуэты асоб, якія ўваходзяць у залу, часам прыглядаецца да кагосьці даўжэй.
У працэсе лячэння і пошуку дыягназу межы цела перасякаюцца, а пільнае, пранікальнае назіранне з’яўляецца першым інструментам медыцынскага ўмяшання. Адсылаючыся да прасторы клінік як да месца бесперапыннага назірання, даследавання і углядання – пранікнення праз трубачкі і заглядвання праз зонды – інсталяцыя Караліны Шыманоўскай засяроджваецца на разгляданні як форме улады. Мастачка заўважае, што месцаў, недаступных для вока, стае ўсё менш, а кожны акт назірання мае мэту, у сувязі з якой ён будуе пэўны тып залежнасці. Існуюць тэлескопы і зонды, якія дакументуюць найдалейшыя куткі свету; існуюць таксама камеры, меншыя за зярнятка перцу, якія глядзяць на тое, што нам блізкае. Сістэмы бяспекі распазнаюць твары, жэсты, непажаданыя паводзіны. Глядзяць усё і паўсюль. Быццё заўважаным з’яўляецца ўмовай функцыянавання ў калектыве – гэтак жа як свядомасць таго, што ўсё схаванае можа быць раскрыта. Сьвет эканомікі ўвагі, у якім манетызуецца наша глядзенне, апыняецца адначасова светам інтрыгі і нагляду, у якім права на прыватнасць стаюць эксклюзіўным таварам.
-
Аліцыя Пашкель
Перфарматыўная лекцыя і перформанс з камерай
2026
Перфарматыўная лекцыя Аліцыі Пашкель – прэзентаваная як перформанс і заснаванае на ім відэа – з’яўляецца інтымнай, а адначасова палітычнай аповесцю пра цялеснасць, хваробу і сацыяльныя механізмы іх бачнасці. Кропкай адпраўлення тут стае досьвед болю, які суправаджае мастачку гадамі і які не існуе – адчуванне, для якога даступная медыцына не можа знайсці прычыны.
Падчас лекцыі мастачка супастаўляе ўласныя перажыванні з фрагментамі літаратуры, медыцынскімі тэкстамі, архіўнымі матэрыяламі і дзённікамі. Узгадваючы Барбару Дудэн ці Томаса Мана, яна пытае, якія целы могуць вярнуцца ў “свет здаровых”, а якія застаюць назаўжды падвешанымі паміж дыягназам і нябачнасцю. Істотным тут з’яўляецца назіранне, што існуюць целы, якія заўсёды будуць хворымі – якія не маюць права распавесці пра свой досьвед і эмоцыі інакш, чым аўтабіяграфічна. Прыватны досьвед стае такім чынам інструментам аналізу сістэм ведаў і ўлады, а таксама надасобнага вымярэння хваробы. Пашкель цытуе таксама Крыс Краўс, якая выказала пажаданне “зрабіць свет больш цікавым, чым уласныя недамаганні. Каб гэта дасягнуць, трэба зрабіць свае недамаганні сацыяльнымі”.
Перформанс грунтуецца на метадзе калажу – спалучэнні аўтабіяграфічных нататак, урачэбных рэкамендацый і тэкстаў культуры. Інтымнасць змешваецца тут з іроніяй, сорам з пажаданнем, а асабістая гісторыя раскрывае свой супольны вымер.
Тэрміны перформансу: пятніца–нядзеля (26–28.06), 21:00
Працягласць: каля 30 хв.
-
Лаў Ман-Пан
Ёсць нешта агідлівае ў высмейванні маёй дысфункцыі
1-канальнае відэа з гукам, 2’57”
2022
Кароткі фільм Лаў Ман-Пана паказвае паўтаральны, інтымны жэст здзіранне скарыначкі. Гэта дробнае, амаль нязначнае дзеянне, але адначасова прасякнутае неспакоем і дыскамфортам. Праца не канцэнтруецца аднак на болі ці дыскамфорце, а на патрэбе карэкцыі – выдалення і нармалізацыі таго, што было ідэнтыфікавана як недасканаласць. Настойлівае расчэсванне пазногця, якому спадарожнічае цяжкае дыханне, выяўляе эмацыйнае напружанне, схаванае за знешне бяскрыўднай, ледзь прыкметнай дзейнасцю.
Амаль абасэсіўнае засяроджанне на дробным фрагменце ўласнага цела можна прачытаць як форму адыходу, механізм самарэгуляцыі або кампульсіўны рэфлекс. Для мастака здзіранне скарыначкі вынікае з жадання выглядаць звычайна і функцыянаваць у спосаб, які прызнаецца нормай. Гэта момант, у якім рацыянальнасць саступае месца кампульсіўным паводзінам, а цела стае полем самакантролю і дысцыплінавання. У падыходзе Лаў гэты дробны жэст з’яўляецца адказам на інтэрналізаванае чаканне нармальнасці і патрэбу элімінацыі таго, што здаецца залішнім, дысфункцыянальным або недарэчным.
Канцэнтруючы ўвагу на невялікім дэтале цела, праца паказвае, што нормы не толькі навязваюцца звонку, але і бесперапынна аднаўляюцца ў інтымных, штодзённых дзеяннях. Скарыначка стае такім чынам кропкай перасячэння неспакою, дысцыпліны і жадання прыстасавацца, а адначасова ставіць пытанне: што значыць функцыянаваць “нармальна” і хто мае права гэтую нармальнасць вызначаць?
-
Сяргей Шабохін
Цыкл «Практыкі падпарадкавання» (2010–) / з 2010 г.
Практыкі падпарадкавання: Архіў у 18 тэчках
аб’ект розных памераў
2019
Практыкі падпарадкавання: Партытура
лічбавы калаж, 297 × 588 cm
2020
Практыкі падпарадкавання: Партытура
1-канальнае відэа з гукам 90’20”
2021
Цыкл “Практыкі падпарадкавання” гэта татальны даследчы архіў, якоі аналізуе спосабы, якімі ўлада ўрываецца ў штодзённае жыццё праз страх, кантроль і руцінныя дзеянні. Складаючыся з тысяч знойдзеных і створаных аб’ектаў, выяваў, тэкстаў і гукаў, сабраных у Беларусі з 2010 г., архіў функцыянуе адначасова як аўтарскі музей і жывая картаграфія падпарадкавання. Звычайныя прадметы стаюць тут доказамі дзеяння дысцыплінуючых ідэалагічных сістэм, якія фармуюць чалавечае цела, гарады, а таксама калектыўную памяць.
Праект, які складаецца з 18 звязаных паміж сабой частак, аналізуе ўплыў улады пасродкам інфраструктуры, з выкарыстаннем інтымнасці і паўтаральнасці, раскрываючы пры гэтым анатомію прымусу і крохкую мяжу паміж знешнім кантролем і самакантролем.
-
Вальдэмар Масіч
Без панікі
2026
рысунак на паперы
Кропкай адпраўлення тут з’яўляюцца як вайна Расіі супраць Украіны, так і глыбейшыя культурныя структуры расійскай палітычнай уявы, заснаванай на цэнтралізацыі ўлады, мілітарызацыі і падпарадкаванні асобы дзяржаве. Цыкл рысункаў адсылае да расійскай прапагандысцкай кампаніі “Без панікі”, у якой мужчыны, якія падлягаюць мабілізацыі, былі прадстаўлены па аналогіі да 1% пачкі цукерак ці касметычкі як статыстычна нязначны кошт вайны. Працы грунтуюцца на рэальных запісах з дронаў, якія дакументуюць апошнія хвіліны салдатаў, пакінутых на полі бою, якія, ведаючы, што не могуць разлічваць на выратаванне ад уласнага войска, пазбаўляюць сябе жыцця. Мастак даследуе памежны момант як эфект дзеяння сістэмы – спляцення прапаганды, традыцый культуры, тэхналогій і палітычных рашэнняў.
-
Вальдэмар Масіч
Адваротная перспектыва / Reversed Perspective
аб’ект – інсталяцыя і трохканальнае відэа з гукам 02’24”
2025
Назва “Адваротная перспектыва” адсылае да малярнага метаду, які дамінаваў у маскоўскай дзяржаве на працягу стагоддзяў. Яна спасылаецца на факт, што з’ява, падобная да еўрапейскага Адраджэння і якая вядзе да ідэі гуманізму, не адбылася ў дзяржаве, арганізаванай вакол маскоўскай палітычнай традыцыі, культуру якой вызначалі цэнтралізацыя і перспектыва артадаксальнай тэалогіі. Відэа змяшчае фрагменты ранніх савецкіх фільмаў, звязаных з гісторыяй Расіі, і ідэнтыфікуе візуальныя коды ўлады, рэлігіі і прыгнёту: метафару ўмацаванай крэпасці перад тварам пагрозы; адносіны паміж уладай і грамадствам у межах крэпасці; абмежаванні і рэпрэсіі. Графіці, намаляваныя на мяшках для трупаў, адсылае да цытаты з „Generation P” (1999) Віктара Пелевіна, у якой спробы размоў са звычайнымі людзьмі пра пошук “расійскай ідэі” заўсёды скончваюцца адной і той жа рэакцыяй суразмоўцаў: “уё*** на х**…”. Цытата запісана спраектаваным мастаком запісам маскоўскай мовы лацінскім алфавітам, які з’яўляецца спробай запаўнення адсутнай рэнесанснай традыцыі ў расійскай культуры. Дзве чырвоныя літары звяртаюць увагу на канчатак „–sь” („–ś”), які азначае “сябе”, намякаючы, што даступнай была толькі альтэрнатыва накіравання гвалту на сябе або на іншую асобу. Адначасова гэта стае метафарай моўнага абмежавання суб’ектнасці: “–sь” сімвалічна сведчыць, што чалавек не ўспрымаецца як поўны, аўтаномны суб’ект, а з’яўляецца толькі элементам сістэмы.
-
Аляксандра Дземянюк
Букет ломаў
скульптура, тэкст
2023
Тытульнаму букету ломаў спадарожнічае напісаны мастачкай верш, які з’яўляецца прызнаннем у каханні да жанчыны, а адначасова пагрозай і жартам. Лірычны суб’ект, мужчына, сцвярджае, што ў якасці падарунка для каханай больш каштоўным ад кветак з’яўляецца лом – сімвал трываласці яго пачуццяў і пераадолення страху, а адначасова абяцанне абароны.
Любоўная лірыка ў польскай паэзіі сягае XV ст.; у перыяд Адраджэння адбыўся яе росквіт у дваранскай і шляхецкай традыцыі, а на працягу наступнага стагоддзя яе формы і жанры падвяргаліся зменам. Не цураючыся простай мовы, вульгарызмаў ці неканвенцыянальных метафар, Аляксандра Дземянюк жартоўна адсылае да гэтай традыцыі, адначасова аднак выкарыстоўвае камізм і перабольшанне з мэтай раскрыцця культурных кодаў, у якіх гвалт і рамантычная адданасць сплятаюцца паміж сабой ва ўяўленнях пра каханне, сілу і мужнасць.
Мастачка стварае гратэскавы вобраз мужчынскага кахання, у якім эмацыянальнасць выражаецца праз гвалтоўныя фантазіі, гіпербалічныя дэкларацыі лаяльнасці і патрэбу валодання другой асобай. Карыстаючыся сімволікай лома, які асацыюецца з фізічнай сілай, гвалтам або ўзломам, мастачка звяртае таксама ўвагу на класавы характар мовы і спосабаў выражэння пачуццяў, раскрываючы тонкую мяжу паміж клопатам і дамінаваннем, адданасцю і агрэсіяй.
18. Аляксей Радынскі
Дзе сканчаецца Расія
1-канальнае відэа, стужка 35 mm перанесеная ў фармат HD, 25’00”
2024
Эсэістычны фільм-дарога, рэалізаваны мастаком Аляксеем Радынскім у супрацоўніцтве з даследчыкам Філіпам Голем, выкарыстоўвае раней невядомыя архіўныя матэрыялы, каб расказаць гісторыю расійскага імперыялізму. Пяць фільмаў, створаных студыяй навуковых фільмаў Кіеўнавукфільм, былі знойдзены ў 2022 г. падчас усё яшчэ працяглай інвазіі Расіі ва Украіну. Гэтыя матэрыялы, знятыя ў 1980-я гады групай украінскіх кінарэжысёраў у аддаленых кутках Сібіры, сталі асновай для рэканструкцыі сцёртай гісторыі шматлікіх імперскіх войнаў, якія Расія вяла супраць сваіх пазнейшых калоній. Вагаючыся паміж фактам і выдумкай, відэа дакументуе часта выпускаемую з увагі гісторыю каланіялізму і дэградацыі навакольнага асяроддзя на тэрыторыях, населеных карэннымі народамі Сібіры. У той час як Савецкі Саюз прадстаўляў сябе як абаронца культурнай і палітычнай незалежнасці прыгнечаных народаў ва ўсім свеце, адначасова – падобна да ранейшай царскай Расіі – ён падпарадкоўваў сабе карэнныя супольнасці, якія насяляюць шырокія стэпы і вечна змёрзлыя тэрыторыі Сібіры і Далёкай Поўначы. Дзе сканчаецца Расія разглядае розныя формы суўдзелу, якія зрабілі магчымым гэты працэс, і раскрывае ідэалогію эксплуатацыі і выкарыстання прыродных рэсурсаў, якая з’яўляецца фундаментам імперскай экспансіі.
-
Юрый Грузінаў, Аляксей Сай
Зямля
відэа 17’30”
2026
Праца Юрыя Грузінава і Аляксея Сая гэта відэа, змантаванае з запісаў нацельных камер, зробленых спецыялістамі разведкі ГКР МА (Галоўнага кіравання разведкі Міністэрства абароны Украіны), якія дзейнічаюць на тэрыторыях, кантраляваных праціўнікам. Спалучаючы матэрыялы, запісаныя салдатамі, якія ўваходзяць на небяспечныя тэрыторыі першымі і прымаюць найбольшую рызыку, праца паказвае знешне пустыя месцы на лініі фронту. Камера тут дзейнічае як падаўжэнне цела – яна рэгіструе паскоранае дыханне і кожны рэзкі рух, калі напружаны марш раптоўна пераходзіць у бег.
ГКР МА з’яўляецца ўкраінскай службай ваеннай разведкі, якая таксама праводзіць ваенныя аперацыі. Запісаны матэрыял стварае такім чынам амаль нязноснае напружанне і пачуццё непасрэднай пагрозы жыццю, хоць глядач не атрымлівае ніякіх дэталяў пра сітуацыю. Гукавы пласт кантрастуе дыханне і крокі салдатаў з неверагоднай цішынёй палёў і лясоў, пазбаўленых чалавечай прысутнасці. Адлюстраваная лінія фронту здаецца амаль спакойнай, хоць адначасова стварае смяротную пагрозу для кожнага, хто ступіць на яе.
Грузінаў і Сай выносяць на першы план самую зямлю як месца сутыкнення часоў, а таксама як аб’ект і суб’ект вайны – прастору, за якую і ў якой вядзецца барацьба.
-
Кая Тарлоўска
Палец у дупе
скульптура
2026
Гратэскавы помнік жэсту, які на працягу стагоддзяў застае адным з асноўных інструментаў медыцыны – жэсту простага, эфектыўнага і адначасова абцяжаранага культурным сорамам. Укладанне пальца ў глыбіню цела – гэта руцінная дзея, якая аднак апыняецца актам з велізарным сімвалічным цяжарам. Гісторыя навукі поўная вобразаў пранікнення ва ўнутранае: палец у сэрцы, далонь у ране, позірк у глыбіню. Гэта гераічныя жэсты, якія з’яўляюцца афірмацыяй адвагі і трыумфу розуму над невядомым. Тым часам тая самая дзея, выкананая ў іншай частцы цела, дэградуецца да чагосьці ганебнага і непажаданага. Анус, хоць гэтак жа рэальны і біялагічны, функцыянуе аднак на мяжы годнасці.
Скульптура з’яўляецца помнікам гэтага парадоксу. Яна ўвекавечвае момант, у якім рацыянальнасць навукі сутыкаецца з культурным табу, а тэхналагічны прагрэс капітулюе перад абліччам уласнага звычаю. Гэта помнік працэдуры, якая на працягу стагоддзяў не дачакалася альтэрнатывы – не таму, што яна незаменная, а таму, што сорам пацыента аказаўся прымальным коштам. Гратэск стае тут інструментам дэмаскацыі.
Праца адсылае таксама да бюстаў знакамітых навукоўцаў, якія прэзентуюцца ў прасторах акадэмій і інстытутаў. Манументальная форма, якая асацыюецца з славай і заслугай, выкарыстоўваецца тут для ўвекавечання досьведу дыскамфорту, напружання і маўклівай згоды.
-
Эміль Буцкі
Пад пагасаючым сонцам
акрыл і алей на бавоўне
2026
Карціна паказвае далонь, падвешаную ў чырвонай прасторы густа воблачнага неба. Жэст пальца, высунутага да сонца, якое знаходзіцца ў зацьменні, можна прачытаць як акт пазнання, накіравання на нешта ўвагі або суджэння. Паказ на чорны круг сімвалізуе таксама спробу дакрануцца да таго, што невядомае, схаванае або недаступнае. Гэта, у сваю чаргу, выклікае асацыяцыю з тым фактам, што здольнасць прадказваць зацьменні сонца і – шырэй – веды пра рухі нябесных цел бывалі ў гісторыі чалавецтва інструментам кантролю і эксплуатацыі. У старажытнасці яны служылі ж паказу адчувальных доказаў “гневу багоў” з мэтай прымусіць асобу ці цэлыя групы да паслухмянасці і працы на карысць цэнтралізаванай, асвячонай улады.
Сонца на карціне Буцкага паўстае як пустэча, мяжа або цэнтр – месца, якое прыцягвае ўвагу, але не выдае сваёй прыроды. Металічныя кроплі дажджу, паўтаральныя і з вострымі формамі, складаюцца ў паслядоўнасці, якія нагадваюць пастку. Іх прысутнасць выклікае пачуццё пагрозы, а адначасова адчуванне парадку, але сканструяванага з выкарыстаннем дзіўна жорсткай дакладнасці. Кроплі не адназначна агрэсіўныя – хутчэй падвешаныя, чакаючыя і падпарадкаваныя лагіцы неадназначнасці, якая тут дзейнічае. Яны моцна кантрастуюць з цялеснасцю валасатай далоні і паўабстракцыяй зацьмення.
Кампазіцыю можна прачытаць як рэфлексію над адносінамі чалавека з тым, што ён спрабуе кантраляваць або зразумець. Абвінавачвальны жэст з’яўляецца, магчыма, апошняй спробай дасягнуць таго, што недаступна. Далонь тут не з’яўляецца катэгарычна спрыяльнай ні бездапаможнай – яна балансуе паміж цікаўнасцю і рызыкай, паміж патрэбай пазнання і прадчуваннем магчымага паранення.
-
Сільвія Горак
LOVE SONG / HEARTBREAK
відэа з гукам, 4’36”
2002
гукавы перформанс
2026
Перформанс да камеры, створаны ў рамках асабістага артатэрапеўтычнага сеансу пасля вельмі няўдалага раману. Сучасная медыцына вызначае «разбітае сэрца» як хваробную адзінку ў галіне псіхалогіі і псіхіятрыі. Нягледзячы на візіты да лекараў і карыстанне афіцыйнай медыцынай, гэтую хваробу надзвычай цяжка хутка вылячыць. Медыцына яшчэ не парадзіла з каханнем – мноства людзей трапіла ў псіхіятрычныя шпіталі менавіта з-за яе.
На занятках па вакалістыцы опернага спеву ў прафесаркі Вольгі Швайгер выкарыстоўваецца, між іншым, тэхніка лячэння болю сэрца з дапамогай вакальных і дыхальных практык. Яна засноўваецца на глыбокім дыяфрагмальным дыханні з адначасовай візуалізацыяй яго плыні праз сэрца. Ва ўсходняй філасофіі гавораць пра візуалізацыю чакры сэрца. Важна, каб, спяваючы, д ы х а ц ь с э р ц а м.
Гэты сеанс духоўнай сувязі з сабой здымае псіхічны і эмацыйны боль, выкліканы каханнем. Згодна з усходняй філасофіяй, чакра сэрца гарманізуецца падчас дыхальных практык, асабліва тых, што заснаваныя на руху дыяфрагмы. Таксама ў Польшчы, Украіне і балканскіх краінах гэтыя тэхнікі выкарыстоўваюцца народнымі спевачкамі. Спантанны спеў з’яўляецца элементам эмацыйнай і любоўнай камунікацыі як людзей, так і птушак, ваўкоў, кітоў, цюленяў і многіх іншых відаў. Варта карыстацца гэтым старажытным метадам самалячэння.
Працы суправаджае гукавы перформанс (панядзелак, 17:00), сканцэнтраваны на эхалакацыі і акустыцы бальніцы.
-
Наталія Гурэцка, Мілаш Кэндра
Awakening practice / Практыка абуджэння
гукавая інсталяцыя site specific, перформанс
2026
26 – 30 чэрвеня, штодня а 20:30, 1-ы паверх, будынак D
Непасрэдным натхненнем для стварэння працы стала прастора шпіталя, дакладней зала бібліятэкі, у якой мы знайшлі старое піяніна, якое ў мінулым служыла асобам, якія знаходзіліся ва ўстанове. Праца з’яўляецца спробай ажыўлення, надання новага дыхання не зусім спраўнаму інструменту. Піяніна падвергнутае падрыхтоўцы наборам арганных труб, якія гучаць дзякуючы паветру, прыведзенаму ў рух з дапамогай ротарнай помпы. Іх гук рэзаніруе ў канструкцыі піяніна і прасторы пакоя. Гукавы матэрыял, які прайграваецца з дынамікаў, грунтуецца на рэзанансах расстроенага інструмента, што ўзмацняе адчуванне пагружэння ў яго нутро – у сэрца піяніна.
Сутнасцю перформансу дзвюх асоб (які адбываецца штодня а 20:30) з’яўляецца працэс паступовага настройвання інструмента да гучнасцей тэмпераванага настроенага піяніна, якое эвалюцыянуе ў электронным плане.
Awakening practise гэта запрашэнне да пільнага і ўважлівага ўслухоўвання ў прадпрыманыя дзеянні і іх наступствы, чутныя ў рэху, якое запаўняе прастору шпіталя. Інсталяцыя адкрыта для наведвальнікаў, каб яны маглі даследаваць гучанне нутра піяніна з дапамогай падрыхтаваных Наталіяй Гурэцкай прадметаў для прэпарацыі.
-
Мілан Зентара
Піяніст
алей на палатне
2024
Карціна Мілана Зентары вырастае з досьведу пустэчы пасля страты блізкага чалавека – з дрыготкага, шырокага маўчання, якое запаўняе ўсё нутро асобы, якая перажыла страту. Аўтар адзначае, што праца з’яўляецца выразам патрэбы спыніць момант, у якім памяць пачынае жыць уласным жыццём – палкага, бясконцага зацыклівання падзей, якія не могуць вярнуцца; мелодыі адносін, якая прайграваецца зноў і зноў, хоць яе рэальнае гучанне даўно сціхла.
Успаміны маюць тое да сябе, што з кожным новым вяртаннем да іх нешта ў іх змяняецца – розум дадае вобразы, адымае дэталі, пакуль першапачатковая гісторыя не пачне рассыпацца, губляючы сваю форму і цяжар. Праз пэўны час застае толькі сплёт дэканструяваных фрагментаў, якія ўжо не нагадваюць нічога, што сапраўды адбылося. Таму постаць, якая грае на піяніна, празрыстая як дух, падвешаная ва ўласным небыцці. Яе жэсты паўтаральныя і механічныя, быццам адзінай магчымай формай існавання з’яўляецца выграванне раз за разам той самай мелодыі, ужо не для кагосьці, а насуперак адзіноце.
Піяніст – гэта карціна, у якой жалоба пераходзіць у рэха, рэха ў рытуал, а рытуал у пустэчу, якая «грае» далей, нават калі ўсё астатняе памерла.
-
Оля Леўчык
Анатомія мяккай секцыі
Скульптура
2026
У творчасці Олі Леўчык воск функцыянуе як фактар спрыяльны з уласнай логікай дзеяння. Матэрыя стаeцца правадніком назірання, у якім чалавек канфрантуецца з незалежнымі сіламі і механізмамі. Гэты працэс мае на мэце падарваць перакананне пра ўсемагутнасць чалавечага розуму перад матэрыяй, якая дагэтуль выслізгвае ад нашага кантролю і інструменталізацыі.
Інсталяцыя складаецца з набору свечак – скульптур з воску, размешчаных такім чынам, які нагадвае лабараторыю або мікраасяроддзе даследавання. Іх арганічныя формы адсылаюць да шкілета і аморфных унутраных тканак, костак, мембран ці цялесных вадкасцяў.
Леўчык цікавіць момант, у якім чалавек перажывае матэрыю як асобны суб’ект дзякуючы назіранню за прыроднымі працэсамі ў рэальным часе. Кожны дзень Агляду запальваецца чарговая свечка – пачынаецца працэс гарэння, плаўлення, перамяшчэння і паўторнага зацвярдзення воску. Гэтыя пераўтварэнні адбываюцца самаадвольна, накопліваюцца з цягам часу, а інсталяцыя з дня на дзень змяняе форму – дзеянне чалавека тут з’яўляецца толькі імпульсам, які ініцыюе працэс.
Гарэнне з’яўляецца доўгатэрміновым і няроўным, дэтэрмінаваным канструкцыяй свечак. Менавіта воск акрэслівае форму і рытм працэсу, а канчатковая форма аб’ектаў будзе вынікам узаемадзеяння тэмпературы, гравітацыі і ўнутраных напружанняў матэрыялу. Сляды яго трансфармацыі становяцца запісам адносін паміж целам, часам і суб’ектам, у якіх дэструкцыя з’яўляецца спосабам перажывання.
-
Кінга Малінска
Сумеснае купанне, Не чапай
дыптых скульптур
2025
Рэльефы ўзніклі ў выніку спалучэння традыцыйнай скульптуры з сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі і ЧЛК-апрацоўкай бярозавага дрэва, якое ў польскай народнай традыцыі сімвалізуе маладосць, ахову дома і сілу адраджальнага жыцця. Бяроза тут адыгрывае ролю талісмана, які ахоўвае, адначасова нагадваючы пра далікатную мяжу паміж блізкасцю і аўтаноміяй, паміж жэстам клопату і ўмяшаннем.
Не чапай кранае тэму цялесных і псіхічных межаў у тым, што інтымнае і адначасова недаступнае. Форма і назва адсылаюць да забароны дотыку як датычнай прасторы, у якой чалавек сустракаецца са сваёй адчувальнасцю, страхам і абаронай.
Сумеснае купанне засяроджваецца на жэстах штодзённых, інтымных і супольных. Яно адсылае да месцаў сустрэч жанчын і сілы, якая цячэ з іх узаемнай прысутнасці і сумеснага перажывання рытуалаў штодзённасці. Дзякуючы фізічнай прысутнасці драўляных постацяў і выдзеўбаных дэталяў жэстаў, рэльеф становіцца прасторай уважлівага назірання і перажывання суіснавання.
Абодва рэльефы ўрываюцца ў штодзённыя эмацыйныя прасторы інтымнасці і супольнасці. Яны засяроджваюцца на дотыку, непасрэдна адсылаючы да жэсту выстаўлення пальца, каб кагосьці дакрануцца, або стрымлівання дакранання да таго, што забароненае, адсылаючы да жаночай сэксуальнасці, а таксама штодзённых жэстаў і доўгатэрміновага значэння сацыяльных рытуалаў і традыцый. Яны балансуюць на мяжы прыватнага і калектыўнага, індывідуальнага і супольнага, паказваючы на напружанне паміж абаронай і адкрытасцю да іншых.
-
Кінга Малінска
Gossips/ Пляткары
гукава-скульптурная інсталяцыя
2025–2026
У сярэднеанглійскай мове слова gossip азначала блізкую асобу, якая супольна ўдзельнічае ў жыцці сям’і, нават прымае роды. З часам, як заўважае Сільвія Федэрычы, гэты тэрмін набыў моцныя негатыўныя і гендарныя канатацыі, а потым стаў інструментам дысцыплінавання і сваркі жанчын. У польскай мове plotka [бел. плётка] выклікае вобраз сплятання і звязвання словаў, стварэння шчыльнай, шматніткавай структуры апавядання. Гэтая моўная шматзначнасць стае кропкай адпраўлення для аналізу плёткі як тактыкі слабага супраціву (вызначэнне Эвы Маеўскай), якая функцыянуе паміж праўдай і выдумкай.
Інсталяцыя складаецца з сямі гідрафармаваных металічных скульптур, злучаных сістэмай труб – схаванай камунікацыйнай інфраструктурай. У іх нутры рэзаніруюць запісы «галасавых паведамленняў» сямі мастачак з розных еўрапейскіх краін (транскрыпцыі запісаў можна прачытаць пасля сканавання QR-кода), чый досьвед датычыцца цялеснасці, псіхічнага здароўя і сацыяльнага стыгматызавання. Гэтая спроба мапавання нефармальных, салідарных практык камунікацыі паміж жанчынамі стварае жывы арганізм – павуцінне, упісанае ў архітэктуру месца, адносін і пейзаж гукаў цела.
Гук у металічных формах падвяргаецца скажэнню і дзеянню рэверберацыі, што дае эфект фізічнай трансфармацыі. Метал тут паводзіць сябе як фільтр, які адначасова абараняе і дэфармуе апавяданне.
Праца запрашае да набліжэння, дотыку і інтымнага ўзаемадзеяння з аб’ектамі, дзякуючы якім адбываецца самастойная даследванне схаваных камунікацыйных каналаў.
Калі б ты хацеў(ла) далучыцца да праекта і падзяліцца сваёй гісторыяй, можаш зрабіць гэта пасля сканавання кода:
QR-код https://kingamolinska.com/gossips
-
Магдалена Хуцкель
МЕНАДЫ
постфатаграфія, гукавая інсталяцыя
2020
Менады ніколі не існавалі. Яны былі толькі ідэяй, прадуктам мужчынскай фантазіі. Дзікія, неўтаймаваныя і чужынныя, яны суправаджалі Дыяніса ў шэсцях і шалёных танцах. Забівалі жывёл, елі чалавечае мяса, удзельнічалі ў оргіях. Да жыцця іх паклікаў страх перад нястрымнай, першабытнай сілай. Яны былі формай прыручэння невядомага; выклікалі страх, узбуджэнне і агіду. Да іх ставіліся адначасова як да багінь і распусніц, штурхалі на маргінес і любілі.
Жанчыны на карцінах Магдалены Хуцкель створаны з мноства асобных істотаў, досьведаў і вобразаў. Са збору твараў, выпадкова сабраных у медыцынскім архіве, былі створаны гібрыды – падобна да ідэалаў прыгажосці – створаныя мужчынамі (і жанчынамі) для мужчын. Аднак створаныя менады не класічна прыгожыя, не задавальняюць чаканняў агулу. Яны моцныя, праніклівыя і сапраўдныя; яны адлюстроўваюць спакой і інтэнсіўнасць існавання. Яны з’яўляюцца сімвалам калектыўнага досьведу жаноцкасці і жаночай сілы, якая выціскалася ў культурах, пачынаючы з антычных часоў.
Фатаграфіі суправаджае 4-канальная гукавая сцежка, якая з’яўляецца запісам сустрэчы пяці жанчын, праведзенай Ёаннай Хальшкай Сакалоўскай.
-
Эва Зварыч
Annie, are you OK?
аб’ект
2026
Анатамічная Венера – гістарычны артэфакт на мяжы навукі і мастацтва – гэта не толькі медыцынскі аб’ект, але і праблематычная культурная з’ява. Навука тут сплятаецца з аб’ектывізацыяй, сексуалізацыяй і фетышызацыяй жаночага цела. Такія мадэлі вызначаў надзвычайны рэалізм – яны вырабляліся з воску, мелі шкляныя вочы, чалавечыя валасы і павекі. Хоць яны служылі дыдактыцы, іх паверхня задавальняла эстэтычныя і эратычныя чаканні мужчын.
Венера не з’яўляецца аднак выключна мёртвым целам – гэта маладая, спячая жанчына; пасіўны аб’ект назірання, увасабленне пасіўнасці абсалютнай. Яе вантробы аранжыраваны ў асяроддзі шоўку, перлаў і карунак, што “прыручае” гвалт над жаночым целам і эстэтызуе пакуту. З пункту гледжання патрыярхату гэта “ідэальная жанчына” – прыгожая, маўклівая, якая падвяргаецца даследчаму і валадарнаму дотыку. Гэта рэалізацыя фантазіі пра жанчыну, цалкам даступную, нават пасля смерці.
Назва Annie, are you OK? паходзіць ад медыцынскай працэдуры, звязанай з Resusci Anne, манекенам для навучання сэрцава-лёгачнай рэанімацыі. Твар Anne змадэляваны па адлюстраванні пасмяротнай маскі маладой, ананімнай жанчыны, знойдзенай на беразе Сены ў канцы XIX ст. Яе тыражаваны вобраз быў нават элементам дэкору ў дамах еўрапейскай багемы, стаўшы чарговым прыкладам эстэтызацыі жаночага сыходу.
Мастачка, прэзентуючы ўласную версію анатамічнай Венеры, ставіць пытанне пра тое, ці сучасная медыцына, нягледзячы на тэхналагічны і культурны прагрэс, не паўтарае даўнія схемы аб’ектывізацыі жанчын – пацыентак.
-
Даніэль Катоўскі
Licking 4’33″/ Лізанне 4’33”
аб’ект, відэа, 14’29”
2025
Мастак узнаўляе знакамітую малярную кампазіцыю з белай нявольніцай, якая служыць у гарэме, вядомую перш за ўсё па карціне Вялікая адаліска Жана-Агюста-Дамініка Энгра 1814 г. Адаліска заўсёды была голай, ляжачай, бязброннай. Яе постаць пранізвала ўяўленне XIX-вяковай Еўропы як выраз захаплення Азіяй і Афрыкай. Назва працы Даніэля Катоўскага, а таксама час працягласці кожнай з яе трох частак, адсылаюць да кампазіцыі 4’33” Джона Кейджа з канца 40-х гадоў XX стагоддзя. Аўтар паставіўся ў ёй да цішыні як да паўнацэннага элемента музычнага твора – выканаўца не выдае ніякіх гукаў на працягу 4 хвілін і 33 секунд, а “музыкай” стаюць гукі наваколля, у тым ліку рэакцыі публікі. Кейдж сцвярджаў, што “цішыня не існуе”, а яго твор набыў статус легендарнага.
Праца Катоўскага пераймае дзве вялікія постаці еўрапацэнтрычнай культуры і перапісвае іх на досьвед глухой асобы. Яна заахвочвае глядзець на цела як на адаліску – невядомы сімвал пажадання; які не пасуе да цэлага, заўсёды аддалены і чужы. Адсылка да твора Кейджа накіроўвае ўвагу на сацыяльныя і палітычныя вымярэнні цішыні, асабліва ў кантэксце нябачнасці і нечутнасці глухіх. У ўяўленнях чуючых людзей цішыня часта набывае форму фетыша, траўмы або містычнага перажывання. Аднак гэтыя праекцыі рэдка маюць нешта агульнае з рэальным досьведам глухіх. Цішыня і экзотыка існуюць як паняцці, створаныя ў апазіцыі да таго, што большасцю ўспрымаецца як натуральнае.
Паслухай і дай спакусіць сябе гэтай раскладзенай на станіне глухой русалачцы.
-
Хелена Сцясны
Матрыярх
карціна
2026
Карціна адсылае да стада сланоў, якім кіруе старая, дасведчаная саміца. Жаночыя палавыя органы дзякуючы набыццю пэўнай аўтаноміі пачынаюць нагадваць гэтую велічную жывёлу.
Гэта візія свету, у якім не голас сэрца дыктуе рашэнні, звязаныя з партнёрствам і рэпрадукцыяй; ролю той, хто прымае вырашэнні, перабірае зусім іншы орган. Матрыярх, якая высоўваецца з-за вялікіх палавых вуснаў, пакрытая тоўстай скурай, поўнай рысаў і маршчын, пазірае маленькім, дасведчаным вокам.
Карціна стае каментаром да сітуацый, у якіх цела ведае лепш. Ідэнтыфікацыя клітара з пажылой правадыркай развейвае сарамлівасць і падрывае рамантычныя візіі цнатліва заслоненай аголенасці. Матрыярх не вагаецца і не цырамоніцца – яна ведае, чаго хоча.
-
Кінга Граляк
Vena Lucri (Жыла прыбытку)
дыяграма, site specific
2026
Дыяграма аўтарства Кінгі Граляк з’яўляецца запісам рэальнага “часовага акна” – кароткага, фармакалагічна вымушанага перыяду прадукцыйнасці, у якім мастачка функцыянуе падчас эпізоду дэпрэсіі. Праект з’яўляецца выразам самадыягностыкі працэсу рынкавай утылізацыі крызісу, якая палягае на інструменталізацыі пакуты мастацкай асобы як рухавіка для працы. Рэалізацыя мапуе момант, у якім зламанне падвяргаецца “працэдуры рамонту” толькі для таго, каб на момант аднавіць статус суб’екта, які вырабляе і зарабляе.
Змешчаная на сцяне былой Клінікі Псіхіятрыі і Нервовых Хвароб схема вызначае межы прамежку, у якім хаос у галаве спыняецца і выдзяляецца як творчы матэрыял. Дыяграма раскрывае бязлітасную логіку гэтага стану – паляпшэнне не служыць рэгенерацыі, а стае адзіным шансам на экстракцыю “тавару” і забеспячэнне фінансавага існавання перад патэнцыяльным вяртаннем бязволля.
Такім чынам – у спосаб, аналагічны таму, якім праводзіў свае наватарскія аперацыі ў 1950-я гады ва Уроцлаве легендарны кардыяхірург прафесар Віктар Брос, устанавіўшы ўласны палец узорам медыцынскай меры – Граляк робіць сваё акно актыўнасці ўзорам рынкавай прыдатнасці мастацкіх асоб. Гратэскавасць гэтага прыёму падкрэслена выкарыстаннем у назве працы лацінскага слова vena (жыла), якое дало этымалагічную аснову так званай вене (натхненню), якая канатуе няпраўдзівы і крыўдны, але ўсё яшчэ паўсюдны ў шырокім уяўленні рамантычны вобраз мастака.
-
Нікіта Кшыжаноўская
Чытанае з далоні
карціны
2025–2026
Кропкай адпраўлення працы з’яўляецца жэст засланення твару далонямі. Карціны былі створаны ў розны час, але аб’яднаныя раскрываюць агульную логіку – адыход з кругабегу сэнсу. Неад’емнай часткай творчага працэсу была сустрэча мастачкі з хірамантам і чытанне па яе далоні.
Наватарскае ўкладанне пальца ў сэрца знаходзіць тут люстраное адбіццё – далоні засланяюць твар і адмаўляюць у доступе. Той жэст быў пераходам мяжы, гэты становіцца яе паўторным усталяваннем. Да таго ж гэта адзін з найбольш першабытных абарончых жэстаў. Біялагічна ён абараняе вочы і абмяжоўвае раздражняльнікі; псіхічна ён звязаны са станамі траўмы ці дэпрэсіі; а рэлігійна азначае прызнанне немагчымасці бачыць Абсалют. Хірамантыя мяркуе, што далонь з’яўляецца картай лёсу толькі тады, калі застае адкрытай. Засланенне твару далонню з’яўляецца такім чынам адначасова антыварожбным жэстам. Адкрытая далонь азначае экспазіцыю лёсу, закрытая – яго спыненне; далонь на твары такім чынам з’яўляецца перапыненнем кругабегу сэнсу.
Першая карціна – з мішкам, які засланяе твар – была створана на выставу, прысвечаную самагубствам сярод дзяцей. У хірамантыі далонь дзіцяці не з’яўляецца запісам будучыні, але магчымасцю. Яе закрыццё не замыкае лёс, але абараняе сучаснасць. Другая карціна, напісаная пасля смерці сяброўкі Нікіты Кшыжаноўскай, з’яўляецца аўтапартрэтам каля магілы нябожчыцы. Паказаны жэст стае тут адыходам перад рэальнай стратай; лініі далоні не расказваюць будучыню, а стаюць шнарам. Трэцяя карціна развівае гэты матыў у рэлігійным парадку. Засланенне твару азначае ў гэтым выпадку прызнанне мяжы пазнання.
-
Анна Ундовіч
Common Heartbeat/ Супольнае біцце сэрца
гукавая інсталяцыя
2026
Сядай зручна ў крузе і дазволь пульсу твайго сэрца адбіваць рытм на рэзананснай скрыні за тваёй спінай. Маятнікі, якія запускаюцца пульсам сэрцаў удзельніц(каў) біямеханічнага сеансу, ствараюць палірытмічную супольную гукавую кампазіцыю, якая рэзаніруе ў прасторы шпіталя.
Праца даследуе гук сэрца як поле напружання паміж вымярэннем і эмацыйным досьведам. Узмоцненае рэха нашых аортаў з’яўляецца запрашэннем да ўслухоўвання адзін у аднаго. Інструмент для практыкавання “паглыбленага слыху” ў думках Палін Аліверас, згодна з якой працэс услухоўвання ў навакольны свет і істоты, якія знаходзяцца побач з намі, з’яўляецца шляхам да разумення і выбудоўвання адчувальнасці да таго, што невымоўнае або выслізгвае ад словаў.
Увайдзі ўнутр інсталяцыі без абутку і сядай ці кладзіся ў любым месцы ўнутры круга. Калі хочаш актываваць адзін з модуляў інсталяцыі, вазьмі датчык пульсу, які знаходзіцца каля адной са сцен. Застанься нерухомым на працягу некалькіх секунд, каб сістэма лічыла рытм твайго сэрца. Цяпер услухайся ў гукі, якія генеруюцца інсталяцыяй.
Ты можаш удзельнічаць у гэтым праекце самастойна або з іншымі асобамі. Звярні аднак увагу, як змяняецца гукавая прастора са з’яўленнем наступных сэрцаў. Памятай таксама, што інсталяцыя дзейнічае толькі тады, калі прымае сігнал пульсу. Калі ўдзельнікі пакідаюць прастору, гук знікае.
Просім быць асцярожнымі! Не залазь на элементы інсталяцыі, не дакранайся да рухомых маятнікаў, якія знаходзяцца звонку аб’екта, а таксама паважай камфорт і сканцэнтраванасць іншых наведвальнікаў.
-
Аляксандр Башынскі
Паміж адлюстраваннямі
аб’ект, алей і акрыл на палатне
2026
Аб’ект Аляксандра Башынскага формай адсылае да туалетных столікаў з характэрным 3-часткавым, складным люстэркам, распаўсюджаных у былым Савецкім Саюзе. Мастак украінскага паходжання гэтую адсылку – праз асацыяцыю з кантэкстам часу свайго дзяцінства – называе «абрысам ключа да пакою, у якім пачынаецца праца над сабой». Тут няма люстэркаў – ёсць карціны, у якіх адлюстроўваецца мінулае, сучаснае і магчымая будучыня. Тры вобразы сплеценыя раслінным матывам каменнай ружы – арнаменту, які ўпрыгожвае адзін з будынкаў у родным горадзе творцы. У цэнтры кампазіцыі знаходзіцца аўтапартрэт, які з’яўляецца спробай зразумець уласны ўнутраны свет, у якім нарэшце з’яўляецца прастора на знаходжанне, пазнанне і прыняцце сябе.
Змяшчэнне працы ў былой Клініцы Псіхіятрыі і Нервовых Хвароб уводзіць дадатковы пласт значэнняў, звязаны з гісторыяй назірання, пастаноўкі дыягназаў і доўгатэрміновага канфрантавання аўтара з уласным вобразам – часта без мовы, неабходнай для выражэння паўнаты эмацыйных перажыванняў. Аднак у кантэксце тэмы “Палец у сэрцы” адсылка да люстэрка стае інструментам умяшання не ў цела, а ў псіхіку. Яна звяртае ўвагу, што адчувальныя вобласці, у якіх мы можам знайсці і вызначыць сябе, выклікаючы страх і даючы эфект, што марозіць, парадаксальна стаюць таксама перашкодай на шляху да самапазнання. Ісці гэтым апошнім патрабуе адвагі і настойлівасці.
-
K + M + B (Кшыштаф Блахніа, Мікалай Краеўскі, Блажэй Блажэеўскі), Антоні Зайкоўскі
Antek [Антось]
утылітарны аб’ект
2026
Antek [Антось] гэта сусед па пакоі майго калегі. Нейкі час таму, з-за няшчаснага выпадку на самакаце, ён быў дастаўлены ў рэанімацыю, дзе яго галаву адсканавалі з дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі. Пасля ўсяго ён атрымаў яе лічбавую мадэль на флэшцы разам з медыцынскай дакументацыяй. Апынулася тады, што файлы, якія вырабляюцца спецыялізаванымі дыягнастычнымі прыладамі, можна адкрываць у бясплатных праграмах для мадэлявання. З таго часу Антось забаўляўся такім чынам са сваім уведзеным у стан клінічнага сну вобразам – друкаваў яго фрагменты ў 3D і ствараў анімацыі з яго ўдзелам.
Antek [Антось] гэта спроба перамяніць чалавечую адзінку – непаўторныя рысы твару, успаміны і характар, якія ў ёй запісаныя – ва ўтылітарны прадмет, нешта па сутнасці аб’ектыўнае, прагматычнае і пазбаўленае пачуццяў. Чалавек стае мёртвым пад постаццю статуі ці скульптуры, аднак усё яшчэ захоўвае пэўныя эмоцыі, гісторыю ці ідэнтычнасць. Канчатковая смерць адбываецца такім чынам толькі праз дызайн – акт утылітарнай прафанацыі.
Праца ўяўляе сабой адварочванне класічнага праектнага працэсу, у якім форма прыстасоўваецца да функцыі. Замест гэтага максімальна дэталёвы, існуючы аб’ект павінен запоўніць тыя пусткі ў нашым штодзённым жыцці, для якіх не створаны спецыяльныя інструменты. У гэтым сэнсе Aнтось нагадвае цэглу ці камень з уласцівай толькі яму формай, якія, сабраныя з вуліцы, стаюць падпоркамі, падстаўкамі і затычкамі ў нашых кватэрах.